помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Рубяжэвічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1907—11 з каменю. Асн. аб’ём прамавугольны ў плане, накрыты высокім 2-схільным дахам, з усх. боку прылягаюць больш нізкія паўкруглая апсіда і сіметрычныя сакрысціі пад вальмавымі дахамі. На гал. фасадзе ўзвышаюцца 2 магутныя 3-ярусныя чацверыковыя вежы, умацаваныя па вуглах ступеньчатымі контрфорсамі і завершаныя востраканечнымі шатрамі. Тарэц нефа паміж вежамі завершаны 2-схільным зубчастым шчыпцом з круглым вітражным акном-ружай у цэнтры і бетонным лац. крыжам. Бакавыя фасады рытмічна члянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі. У інтэр’еры 12 насценных рэльефных пано на тэму «Крыжовы шлях Хрыста».